У Беларусі зафіксаваны суткавы рэкорд смяротнасці ад COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1.748 выпадкаў COVID-19, выпісаны з бальніц 2.081 пацыент, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Памерлі адзінаццаць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, што для Беларусі з’яўляецца новым суткавым рэкордам смяротнасці ад COVID-19.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 знізілася — 22 студзеня іх было 1.813. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 235.859, памерлі 1.639 пацыентаў з каронавірусам. Паправіліся 220.912 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 17.880 тэстаў на каронавірус (усяго — 4.348.389).
Напярэдадні начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Пацееў паведаміў, што колькасць пацыентаў з каронавіруснымі пнеўманіямі паступова зніжаецца.
„Мы ўважліва адсочваем захворванне на каронавірусную інфекцыю, у цэлым яно паступова зніжаецца. І зараз назіраем сітуацыю, калі ложкавы фонд пакрысе вызваляецца. Гэта характэрна не толькі для Мінска, але для ўсіх рэгіёнаў”, — цытуе Пацеева прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
У Мінску, напрыклад, 25 студзеня пачынаюць працу ў звычайным рэжыме гарадская гінекалагічная бальніца, 2-гі радзільны дом, а таксама 11-я гарадская бальніца. Плануецца, што ў 11-й бальніцы будуць адкрытыя месцы для праходжання рэабілітацыі (185 ложкаў). 1 лютага, як чакаецца, пачнуць звычайную працу профільныя аддзяленні 1-й гарадской бальніцы, а таксама Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне.
Паступова пачынае вызваляцца ложкавы фонд і ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у Магілёўскай вобласці 24 студзеня пачне працаваць у звычайным рэжыме абласная клінічная бальніца.