У Беларусі заклапочаныя папуляцыяй рабога сусліка



Мала хто ведае, што ў Беларусі захавалася, магчыма, найбуйнейшая папуляцыя рабога сусліка ў Еўропе. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя колькасць суслікаў у нашай краіне скарацілася на 90% – гэты від уключаны ў Чырвоную кнігу. На існаванне віда ўплывае гаспадарчая дзейнасць чалавека, а таксама ў суслікаў хапае ворагаў у прыродзе.

Сёлета ў траўні стартавала ініцыятыва арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” „Хамяк, суслік і белка-ляцяга: выратаваць супергрызуноў!”. Самая буйная папуляцыя сусліка, якую ўдалося знайсці, месціцца на полі пад вёскай Юшэвічы ў Нясвіжскім раёне. Пра сітуацыю з чырвонакніжным відам распавядае Сяргей Шакала, эксперт ініцыятывы:

– Гэта ўнікальнае месца, нічога падобнага ў Беларусі няма. Паводле падлікаў тут шчыльнасць засялення на асобных участках проста неверагодная – 50 на 50 квадратных метраў, колькасць у асобных кропках  дасягала 230-ць нор на гэту плошчу. Дадзеная папуляцыя самая буйная ў Еўропе таму, што агульная колькасць усіх 6-ці калоній, якія цяпер існуюць у Люблінскім ваяводстве, каля 7 тысяч жывёлін. То бок параўнальная вось з гэтай папуляцыяй. 

Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекту „Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім Звязам і выконваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды. Супакойвацца тым, што ў Беларусі засталося столькі суслікаў, нельга, зазначаюць адмыслоўцы:

– Наперадзе яшчэ шмат працы па вышукванні лакальных кропак сусліка. несумненна яны ёсць, але патрабуюць капітальнай і пільнай аховы, жорсткай аховы. У Польшчы ў 1982 годзе тыя 6-ць калоній акумуляваныя ў заказніку і запаведніку. Дык колькі часу прайшло, а ўлічваючы тое, што жорсткі кантроль, ахова, усё роўна колькасць скарачаецца. Не трэба цешыцца, што вось яно ёсць, гэта класная папуляцыя, яе ўсё роўна трэба ахоўваць.

За знішчэнне сусліка беларускае заканадаўства прадугледжвае штраф да 200 базавых велічынь.

Як лічыць кіраўнік Аховы птушак Бацькаўшчыны Аляксандр Вінчэўскі, дадатковай абаронай будзе „раскрутка” беларускага сусліка як турыстычнага брэнду рэгіёну.

„Гэта вельмі мілыя звяркі, можна зрабіць нейкі фэст, шмат хто хацеў бы паназіраць за гэтым полем, можна выпусціць сувеніры, плюс такая атракцыя дасць дадатковыя працоўныя месцы”, – лічыць Аляксандр Вінчэўскі.

Беларускае Радыё Рацыя