У Беларусі зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова



Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі была афіцыйна зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова — тэалагічны каледж імя святога Казіміра, які будзе дзейнічаць у Гародні.

28 жніўня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўручыў біскупу Гарадзенскаму Аляксандру Кашкевічу Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі «Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра» Гарадзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Галоўнай задачай гэтай духоўнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гарадзенскай дыяцэзіі.

У каледжы можна будзе атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.

Гродзенскі тэалагічны каледж распачне сваю дзейнасць ужо ў гэтым навучальным годзе, прапануючы навучанне па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса).

catholic.by