У Беларусі затрымалі грузавік са схаванымі ў паўпрычэпе 330 кг гашышу



У Беларусі затрымалі буйную партыю наркотыкаў — каля 330 кг гашышу, якія былі схаваныя ў тайніку ў падлозе паўпрычэпа, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

„Злачынства спыненае беларускімі мытнікамі ў межах сумеснай аперацыі з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Федэральнай службай бяспекі Расейскай Федэрацыі. Грузавік DAF, у паўпрычэпе якога і быў абсталяваны тайнік для перамяшчэння буйной партыі наркотыкаў, ехаў з Германіі ў Расею праз беларуска-польскую мяжу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аўтацягнік з партыяй піва быў спынены ў Віцебскай вобласці на трасе М1, недалёка ад беларуска-расейскай мяжы, удакладняе ДМК.

„Каб пераканацца ў тым, што ў грузавым адсеку схаваны гашыш, а таксама вызначыць дакладнае месца тайніка, мытнікі накіравалі аўтацягнік на агляд з прымяненнем інспекцыйна-надгляднага комплексу ў пункт пропуску „Грыгараўшчына”. Па атрыманай сканаграме было знойдзенае месца ўтойвання наркотыку. Каб дастаць гашыш з падлогі паўпрычэпа, неабходна было распілаваць яе на часткі”, — адзначаюць мытнікі.

Экспертыза пацвердзіла, што спрасаванае ў выглядзе плітак рэчыва — гашыш.

Віцебскай мытняй у дачыненні да кіроўцы распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 328-1 КК Беларусі. Затрыманаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў. Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні.

БелаПАН

Фота: ДМК