У Беларусі затрымалі хакера, якога лавілі па ўсім свеце



Хакера па мянушцы Сатошы, якога болей за год высочвалі спецслужбы розных краін, злавілі ў Беларусі. Затрыманне стала вынікам сумеснай аперацыі беларускіх следчых, аддзела “К” і Федэральнага бюро расследаванняў ЗША, паведамляе тэлеканад АНТ.

Чалавек, які хаваўся пад нікам Сатошы, не мае дачынення да вынаходніцтва біткоінаў, але паставіў на вушы спецслужбы многіх краін. Ён жыве ў Бабруйску разам з бацькамі ў звычайнай кватэры. Займаўся тым, што краў у вядомых кампаній дадзеныя і потым прадаваў іх.

Сатошы атакаваў банкаўскія сервісы, плацёжныя сістэмы, інтэрнэт-крамы па ўсіх кантынентах. Ён сфармаваў мільённую базу крадзеных акаунтаў. Адзін уліковы запіс мог прадаць коштам ад 10 цэнтаў да 10 долараў — залежна ад папулярнасці рэсурса. Пакупнікамі рабіліся інтэрнэт-махляры.

Праз уліковыя запісы, якія хакер прадаў зламыснікам, прайшлі махлярскія аперацыі на суму каля 5 мільёнаў долараў. Толькі ў ЗША ён здзейсніў болей за 300 тысяч кібератак. Пад ударам апынуліся Amazon і Western Union.

Малады чалавек у свой час скончыў школу, нідзе не вучыўся і не працаваў, але пры гэтым наведваў начныя клубы і казіно, набываў элітны алкаголь і траціў грошы на прастытутак. За апошнія два месяцы зарабіў каля 60 тысяч долараў. За ўвесь час злачыннай дзейнасці меркаваны прыбытак пачынаецца з лічбы з шасцю нулямі. Цяпер Сатошы 30 гадоў. Следчыя мяркуюць, што ён дзейнічаў не адзін і шукаюць іншых фігурантаў справы.

Што да магчымага пакарання, то кіберзлачынцу пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Суд улічыць і тое, што Сатошы адразу пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам.