У Беларусі завяршылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне



У Беларусі завяршылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне, ад сённяшняга дня ў пунктах здачы іспытаў пачалася выдача пропускаў. Па папярэдняй інфармацыі сёлета ўніверсітэты краіны плануюць прыняць каля 55 тысяч абітурыентаў.

Па словах чальца камісіі па арганізацыі ЦТ Ганны Колб, зараз галоўнае зрабіць усё правільна, каб не страціць магчымасці допуску да іспытаў:

–  Заклікаю быць максімальна ўважлівымі, максімальна вывучыць тую памятку, якую публікуе Рэспубліканскі Інстытут кантролю ведаў на сваім сайце. Усё пакрокава вывучыць, прыйсці да нас і забраць свае пропускі. У выпадку, калі абітурыент не забірае пропуск, ён не будзе дапушчаны для ўдзелу ў ЦТ. Жадаю поспехаў!

Цэнтралізаванае тэставанне стартуе 16 чэрвеня. Першы іспыт, які чакае сёлетніх абітурыентаў, – гэта беларуская мова.

Беларускае Радыё Рацыя