У Беларусі знік украінскі хлопец? (абноўлена)



Амбасада Украіны ў Менску накіравала ноту ў міністэрства замежных спраў Беларусі з мэтай высветліць месцазнаходжанне 19-гадовага Паўла Грыба. Пра гэта „Украинской правде” заявіў супрацоўнік пасольства. 

Менск не атрымліваў ад Украіны ноту пра прапаўшага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірочын у каментары карэспандэнту „ВВС Україна”.

***

У Беларусі знік 19-гадовы сын дарадцы галавы Сінадальнага ўпраўлення ваеннага духавенства Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, афіцэра запасу Ігара ГрыбаПавел Грыб. Пра гэта бацька паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Ігар Грыб падазравае, што яго сына выкрала ФСБ Расеі.

„24 жніўня 2017 года мой сын Павел (19 гадоў) паехаў у горад Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і кантактаваў толькі ў сацыяльных сетках”, – напісаў Грыб.

Паводле ягоных слоў, дзяўчына павінна была прыехаць на сустрэчу з Расейскай федэрацыі. Па дамоўленасці, Павел павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Аднак ён не вярнуўся дамоў і на наступны дзень, пасля гэтага бацька паехаў у Гомель на пошукі сына.

„І там я высветліў, што Павел знаходзіцца ў вышуку паводле артыкулу 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), ініцыятарам з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі горада Сочы”, – напісаў Грыб.

У Гомельскай памежнай групе Грыбу заявілі, што не маюць ніякай інфармацыі пра яго сына.

„Мне перадалі, што ніякай інфармацыі пра сына памежнікі не маюць, што ёсць відавочнай хлуснёй! І сустракацца са мной памежнае кіраўніцтва адмовілася. Такім чынам, стала зразумела, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай і правяла затрыманне”, – напісаў Грыб.

Паводле яго словаў, пасля пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны Павел быў актыўным карыстальнікам сацсетак і „часта не выбіраў выразы адносна ворагаў Радзімы”. „Магчыма, гэта і стала нагодай правакацыйных дзеянняў ФСБ РФ”, – лічыць Грыб.

Ён таксама дадаў, што ўдзелу ў баявых дзеяннях на ўсходзе Ўкраіны Павел не браў, а служыць у сілавых структурах па стане здароўя не можа, паколькі ў яго інваліднасць. Хлопец цэлы час павінен прымаць падтрымліваючыя прэпараты. Бацька напісаў, што брак лекаў можа прывесці да фатальных наступстваў.

Іншай інфармацыі пра прапаўшага Паўла Грыба пакуль няма.

Беларускае Радыё Рацыя