У Беларусі знізілася колькасць выпадкаў ВІЧ
За чатыры месяцы гэтага года ў Беларусі зарэгістравана на 14,3% менш выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, чым за той жа перыяд 2019 года, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў Сусветны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу.
Са студзеня па красавік у Беларусі зафіксаваны 631 (6,69 на 100 тысяч насельніцтва) новы выпадак ВІЧ, за чатыры месяцы мінулага — 737 (7,81 на 100 тысяч насельніцтва).
Найбольшая колькасць новых выпадкаў інфекцыі выяўлена ў Гомельскай вобласці — 209. За гэтым рэгіёнам ідзе Менск — 134 выпадкі, затым Менская вобласць — 99. У Магілёўскай вобласці выяўлена 67 выпадкаў, Берасцейскай — 59, Віцебскай — 32, Гарадзенскай — 31.
Усяго па стане на 1 траўня ў Беларусі было 22.474 чалавекі з ВІЧ-станоўчым статусам. У Берасцейскай вобласці 1.678 чалавек жыве з ВІЧ, у Віцебскай — 1.230, у Гомельскай — 8.358, Гарадзенскай — 947, Менскай — 3.635, Менску — 5.006 і ў Магілёўскай вобласці — 1.620.
У агульнай структуры захворвання доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ склала 15,8% (100 чалавек), палавога — 83,5% (527 чалавек).
За чатыры месяцы гэтага года ва ўзроставай групе ад 15 да 49 гадоў зарэгістраваны 531 выпадак (84,2%), за аналагічны перыяд 2019 года — 613 (83,2%). Па асобных узроставых групах насельніцтва за мінулы перыяд 2020 года выпадкі ВІЧ-інфекцыі былі размеркаваны наступным чынам: 0—14 гадоў — 0,3%, 15—19 гадоў — 1,1%, 20—29 гадоў — 15,5%, 30—39 гадоў — 37,1%, 40—49 гадоў — 30,4%, 50—59 гадоў — 12,0%, 60 гадоў і больш — 3,5%.
За чатыры месяцы 2020 года ўдзельная вага жанчын у структуры тых, хто заразіўся, склала 39,1%, мужчын — 60,9% (за аналагічны перыяд 2019 года — 38,1 і 61,9% адпаведна).
Медыкі адзначаюць, што істотны ўклад у прафілактыку ВІЧ-інфекцыі ў краіне ўносіць рэалізацыя стратэгічнай мэты ЮНЭЙДС „90-90-90”, якая заключаецца ў тым, каб да 2020 года 90% усіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, ведалі свой станоўчы статус; 90% людзей з дыягнаставанай ВІЧ-інфекцый стабільна атрымлівалі антырэтравірусную тэрапію; у 90% ВІЧ-станоўчых людзей, якія атрымліваюць лячэнне, была невызначальная вірусная нагрузка, пры якой ВІЧ не перадаецца іншым людзям.
На пачатак мая ў Беларусі дасягнуты наступныя паказчыкі стратэгічнай мэты ЮНЭЙДС: ведаюць свой статус 86,4% людзей, якія жывуць з ВІЧ, атрымліваюць тэрапію 81,3% і ў 78,1% — невызначальная вірусная нагрузка. „Усяго выяўлена і ведаюць пра свой ВІЧ-статус 22.474 чалавекі, атрымліваюць АРВ-тэрапію 18.280 пацыентаў і мае невызначальную вірусную нагрузку 14.271 чалавек”, — гаворыцца ў паведамленні.