У Беларусі зноў зафіксаваны рост захворвання на COVID-19



 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 62.997 (+299 за апошнія суткі), памерла 412 чалавек (+7), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Другі дзень запар сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, ніжэйшы за 300, аднак у папярэднія суткі новых выпадкаў было менш — 274 (колькасць смерцяў такая ж — сем).

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 49.909 пацыентаў (за апошнія суткі 1.171). Такім чынам, вылечыліся амаль 80% хворых.

Праведзена 1.043.876 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 15.527.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

2 ліпеня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская сістэма аховы здароўя выстаяла пандэмію каронавіруса. „Але мы не зніжаем градусу барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі. І пасля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі ўрачамі, якія сёння ўсё яшчэ на пасту”, сказаў афіцыйны лідар.

1 ліпеня вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет, прадстаўляючы штогадовую справаздачу Савету па правах чалавека ў Жэневе, паведаміла, што ў Беларусі, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў заявы, якія прыніжаюць сур’ёзнасць COVID-19, падрываюць намаганні па барацьбе з інфекцыяй, спрыяюць „палярызацыі грамадскай думкі ў ключавых пытаннях” і могуць прывесці да росту захворвання на COVID-19.

19 сакавіка на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я каронавірус гэты называю не інакш як псіхозам, і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў шмат якія ўжо псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла”.

Паводле яго слоў, гэта „чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду”. „Але мы жывем у канкрэтнай сітуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самага віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by