У Беларусі знялі ролік у падтрымку людзей з псіхічнымі парушэннямі



На новым этапе кампанія, якую Офіс па правах людзей з інваліднасцю вядзе ўжо два гады сумесна з літоўскай арганізацыяй «Перспектывы псіхічнага здароўя», стане больш медыйнай – зняты першы відэа-ролік з элементамі анімацыі. Галоўная гераіня кліпа – Таццяна – грае саму сябе, жанчыну, якой адмаўляюць у працы з-за дыягназу.

Гэта звычайная практыка ў Беларусі, у той час як у свеце, людзі з такімі захворваннямі ці парушэннямі могуць працаваць – зразумела, з нейкімі абмежаваннямі па медычных вызначэннях. Між тым, як паведамляе Сусветная арганізацыя здароўя, чвэрць жыхароў планеты пакутуюць на парушэнні ці захворванні псіхічнага характару.

Пра ролік распавядае ягоны аўтар, прадусар цэнтра сучаснай культуры «Бягучая чарапаха» Леанід Каліценя:

– Вакол нас мільёны розных лічбаў. Але калі ты пачынаеш рабіць канкрэтны фільм, табе трэба ўжыцца, набрыняць і прапусціць праз сябе. Вось гэтая лічба – 25%, то бок – кожны чавёрты. У мяне ў фэйсбуку падпішчыкаў тры тысячы, з іх амаль 100 чалавек – гэта людзі з інваліднасцю, або з нейкімі псіхафізічнымі адхіленнямі, якія не даваляюць атрымліваць задавальненне ад гэтага жыцця. Таму, працуючы над ролікам, я зразумеў, што мы сваю штодзённую камунікацую не рэфлексуем, разумеючы гэта.

Каардынатарка кампаніі Наталля Манькоўская кажа, што стыгматызацыя людзей з інтэлектуальнымі альбо псіхічнымі парушэннямі ёсць у Беларусі вельмі вялікай праблемай. Паводле даследавання, за апошнія пяць гадоў у масавай свядомасці практычна не змянілася асабістае ўспрыняцце людзей з інваліднасцю. Амаль пятая частка беларусаў не прымае ніякіх стасункаў з чалавекам з інваліднасцю.

– І тут зусім складана неяк з гэтай сцігмай змагацца, таму што людзі максімум што сябе могуць дазволіць, гаварыць: ну добра, гэтыя людзі недзе ёсць, няхай яны будуць недзе жыць, але я не хачу, каб гэта былі мае суседзі, мае блізкія людзі, мне не хацелася б з імі сябраваць, працаваць разам таксама не хацелася б. І гэта сапраўды трывожны паказнік, таму што гэта гаворыць пра тое, што людзі не могуць сябе знайсці нідзе.

Ролік «Як псіхіятрычны дыягназ ставіць кляймо» будзе распаўсюджвацца праз сацыяльныя сеткі, размяшчацца на праваабарончых і медыйных сайтах.

Беларускае Радыё Рацыя