У Беларусі з’явіліся першыя замяшчальныя сем’і для пажылых людзей



Сёлета ў Беларусі з’явіліся першыя замяшчальныя сем’і для пажылых людзей, паведаміў 26 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Ён нагадаў, што 25 снежня 2017 года набыла моц новая рэдакцыя закона „Аб сацыяльным абслугоўванні”, якім прадугледжаная новая форма сацыяльных паслуг — замяшчальная сям’я для састарэлых грамадзян. Паводле слоў Румака, на сёння ў краіне налічваецца 13 такіх сем’яў.

Ён распавёў, што ў асноўным такія сем’і ўтвараюцца з дарослых людзей, у якіх выраслі дзеці і пачалі жыць асобна ад бацькоў. „Яны бяруць сабе ў хату або ў кватэру пажылога чалавека, які адзінокі і яму больш за 70 гадоў, дзеляць з ім цяпло, утульнасць і стол. Яны вырашаюць сумесна фінансавыя пытанні. Калі чалавек нямоглы, то замяшчальная сям’я можа аформіць атрыманне дзяржаўнай дапамогі”, — адзначыў намеснік міністра.

Паводле слоў чыноўніка, у кожным выпадку ўмовы замяшчальнай сям’і агаворваюцца асобна, уносяцца змены ў адпаведны трохбаковы дагавор паміж сям’ёй, апекаваным чалавекам і сацыяльнай установай. У дагаворы прапісаны пералік паслуг, агульны бюджэт і іншыя палажэнні.

Усяго сацыяльныя паслугі дома атрымліваюць 90,1 тыс. чалавек. „Да іх прыходзяць сацыяльныя работнікі адзін ці да пяці разоў на тыдзень у залежнасці ад стану гэтага чалавека. 26% — гэта адзінокія грамадзяне пажылога веку”, — сказаў намеснік міністра.

Яшчэ адной формай сацыяльнага абслугоўвання ён назваў рэнту, калі чалавек ва ўзросце больш за 70 гадоў адпісвае сваю кватэру выканкаму, а яго даглядаюць сацработнікі, яму аплачваюць камунальныя паслугі і выплачваюць рэнту. „Раней мы правялі такі эксперымент у Мінску, цяпер ён распаўсюджваецца па ўсёй рэспубліцы”, — паведаміў Румак.

belapan.by