У Беларусі з’явіліся сем новых палітвязняў
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ сем чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.
Такім чынам, у краіне налічваецца 258 палітвязняў.
Палітвязнямі прызнаныя Мікіта Храловіч (5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 295-1, арт. 13, ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), Дзмітрый Цімашэнка (2,5 года, арт. 364), Аляксандр Дзяркач (4 гады, арт. 342, 364, 218), Юлія Кашаверава (1,5 года, ч. 1 арт. 339), Аляксандр Каратчэня (1,5 года, арт. 363), Наталля Раентава (8 месяцаў, арт. 364) , Мікіта Залатараў (непаўнагадовы, 5 гадоў, арт. 13, ч. 2 арт. 293, 295-3).
Праваабаронцы лічаць неабходным „патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разбор і ліквідацыі названых фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад варты з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд”.
„Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна рабіць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца з парушэннем працэдур іх арганізацыі і правядзення, — гаворыцца ў заяве. — Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян”.
„Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту „ў адказ” з боку пратэстоўцаў дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжару нанесенай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабходная абарона)”, — падкрэслілі праваабаронцы.
Яны адзначылі, што сітуацыя, калі гвалт „быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў”, а ў абвінавачаных адсутнічалі намеры нанесці „несімвалічную матэрыяльную шкоду”, дае падставы разглядаць згаданых грамадзян у якасці палітзняволеных.
Акрамя таго, маніторынг судовых пасяджэнняў паказаў, што „суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях спраў па-за палітычным кантэкстам”.
У шэрагу выпадкаў, звяртаецца ўвага ў заяве, суды прайшлі ў закрытым рэжыме — без прадстаўнікоў грамадскасці, праваабаронцаў і СМІ. Рашэнні суда аб правядзенні закрытых пасяджэнняў „не былі абумоўленыя неабходнасцю абароны дзяржаўнай тайны або інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу, непажаданай да публічнага распаўсюджвання”.
„Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед названых асоб носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі вязнямі”, — аргументавалі сваю пазіцыю праваабаронцы.
Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB „, група „Ідэнтычнасць і права”.
Даведка БелаПАН. Артыкул 13 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да злачынства;
арт. 218 КК — наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці;
ч. 2 арт. 293 — удзел у масавых беспарадках, які выказаўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у ч. 1: гвалт над асобай, пагромы, падпалы, знішчэнне маёмасці або ўзброены супраціў прадстаўнікам улады;
ч. 1 арт. 295-1 КК — незаконныя набыццё, перадача ў валоданне, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі (састаўных частак або кампанентаў) або боепрыпасаў да яе;
арт. 295-3 КК — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, пашкоджвальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
ч. 1 арт. 339 КК — наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту або пагрозай яго ўжывання альбо знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства);
арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
арт. 363 КК — супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак;
арт. 364 КК — гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.