У Беларусі з’явіцца інтэрнэт-радыё для інвалідаў па зроку
Праект падтрымала амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі. Інтэрнэт-радыё будзе асвятляць не толькі жыццё і дзейнасць Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
У новага сродка масавай інфармацыі выразна акрэслена мэтавая група, але каб прыцягваць звычайнага слухача, плануецца рабіць разнапланавыя перадачы. Пакуль набыта неабходнае тэхнічнае абсталяванне, адзначыў намеснік старшыні Берасцейскага абласнога таварыства інвалідаў па зроку Андрэй Лявіцкі:
– Купілі тэхніку для запуску інтэрнэт-радыё БелТІЗа. У гэтым праекце будуць браць удзел усе рэгіёны. Праводзіцца конкурс на лепшага пазаштатнага журналіста гэтага радыё. Людзі, якія будуць працаваць на месцах, будуць дасылаць матэрыялы. Канешне, пераважна ўхіл будзе зроблены на БелТІЗ, на падзеі ў першасных арганізацыях, абласных арганізацыях. І не толькі. Таксама ўсе ўзаемадзеянні людзей у грамадстве.
Гэта ўжо другі буйны праект арганізацыі, які ажыццяўляецца пры падтрымцы амбасады ЗША. Дагэтуль паспяхова рэалізавалі праграму па арыентацыі ў асяроддзі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gazeta.ru