У Беларусі з’явіўся прапагандысцкі сайт, што піша пра Данецкую Народную Рэспубліку



Сайт-прывід “Палессе Медыя” без згоды праваўладальнікаў капіюе кантэнт папулярнага рэгіянальнага рэсурсу “Медыя Палессе”, дадаючы інфармацыю палітычнага і псеўдапатрыятычнага характару.

Рэгіянальныя матэрыялы з Пінску, Століна і Лунінца размяшчаюцца на сайце ў зоне by без згоды праваўладальнікаў. Таму пасля заявы міліцыя будзе абавязаная знайсці і пакараць стваральнікаў нелегальнай копіі, кажа юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

– Тут мы бачым парушэнне аўтарскіх правоў, можна звярнуцца ў міліцыю з гэтай нагоды, патрабаваць, па-першае, знайсці, хто гэта парушае, а паколькі сайт зарэгістраванны ў даменнай зоне by, то гэта наогул мусіць быць проста зроблена, і прыцягнуць да адказнасці – і адміністрацыйнай, і крымінальнай – за парушэнне аўтарскіх правоў.

Адметна, што адзін з раздзелаў сайту наўпрост называецца “Данбас” і напоўнены інфармацыяй пра жыццё так званай Данецкай Народнай Рэспублікі, якую стварылі расейскія сепаратысты на Усходзе Украіны.

Эксперты не выключаюць, што сайт-прывід можа стаць расейскім прапагандысцкім праектам, накіраваным на жыхароў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота 62.ua