У Беларусі з’явяцца замяшчальныя сем’і для пажылых і інвалідаў



У Беларусі ствараецца сістэма замяшчальных сем’яў для пажылых і інвалідаў, паведаміў 13 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, у новай рэдакцыі закона „Аб сацыяльным абслугоўванні”, што набудзе моц 25 снежня 2017 года, будзе прапісана такая норма.

„У сістэме сацабслугоўвання ў нас ёсць розныя формы аказання сацыяльных паслуг, у тым ліку стацыянарныя ўстановы, дамы-інтэрнаты, але чалавеку лепш у звыклых хатніх умовах, — сказаў чыноўнік. — Таму мы робім упор на развіццё менавіта такіх формаў, каб чалавек атрымліваў сацыяльныя паслугі дома максімальна доўга. І такой новай формай можа стаць замяшчальная сям’я, калі людзі бяруць пад апеку пажылога адзінокага чалавека, гатовыя даць яму свой прытулак і падтрымку”.

Цяпер Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з зацікаўленымі органамі распрацоўвае палажэнне аб вызначэнні парадку і ўмоў замяшчальнай сям’і.

Румак адзначыў, што сярод іншых разглядаецца і пытанне платы за паслугу замяшчальнай сям’і. „Зразумела, тут узнікае пытанне, чаму людзі могуць узяць да сябе чужога чалавека, забяспечыць яму ўвагу і догляд. Паўстае пытанне платнасці такой паслугі: ці павінны людзі за свой догляд атрымліваць плату”, — сказаў ён. Паводле слоў чыноўніка, хутчэй за ўсё, у кожным выпадку ўмовы замяшчальнай сям’і будуць агаворвацца асобна, будуць унесены ў адпаведны трохбаковы дагавор паміж сям’ёй, апекаваным чалавекам і сацыяльнай установай. У дагаворы будзе прапісаны пералік паслуг, агульны бюджэт і іншыя палажэнні.

„Трэба прызнаць, што новаўвядзенні ў сацыяльнай сферы зараджаюцца ў рэгіёнах. І першыя замяшчальныя сем’і з’явіліся ў нашых сацработнікаў менавіта там. Доўгія чалавечыя зносіны прыводзілі да таго, што некаторыя сацыяльныя работнікі бралі сваіх падапечных жыць да сябе”, — расказаў намеснік міністра.

Адказваючы на пытанне, ці будзе паслуга замяшчальнай сям’і запатрабавана ў горадзе, намеснік міністра сказаў: „Думаю, гэта будзе актуальна і для Менска, таму што працягласць жыцця расце, пажылых людзей становіцца больш. Людзі такім чынам змогуць знаходзіць адзін аднаго”.

Чалец пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Таццяна Старынская дадала, што месца пражывання замяшчальнай сям’і будуць вызначаць абодва бакі самі. Гэта можа быць тэрыторыя чалавека, які аказвае паслугі догляду ці месца жыхарства таго, каму патрабуецца догляд.

Паводле слоў дэпутата, сацыяльныя ўстановы будуць даглядаць за замяшчальнымі сем’ямі.

Паводле БелаПАН