У беларускіх цягніках увялі плату за зарадку мабільных?



У фэйсбук-акаўнце Andrew Greenchik з’явілася шакавальнае паведамленне:

„WTF. Зарадка мабільнікаў у цягніку Берасце-Магілёў — платная”. 

За паўгадзіны карыстання разеткай у цягніку Андрэй зарадзіў 30% акумулятара і заплаціў… 1 рубель 30 капеек! Яму нават выдалі адмысловую квітанцыю.

Заплаціць за зарадку ў цягніку прапануюць нават па бязнале. Пры гэтым у цягніках на Вільню ці Варшаву можна зараджаць свой мабільны бясплатна і без абмежаванняў.

У даведцы Беларускай чыгункі звесткам пра тое, што разетка ў цягніку можа быць платнай, вельмі здзівіліся: „У кожным вагоне ёсць недзе па дзве разеткі, галоўнае, каб працавалі. Але яны бясплатныя”.

Дык што гэта было? Свавольства прадпрымальнага правадніка? Не. Інфармацыя пра платную зарадку мабільных ёсць на сайце Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Тут манетызавана практычна ўсё, з чым можа сутыкнуцца пасажыр. Напрыклад, каб на вакзале Магілёва набыць квіток з Воршы ў Віцебск, трэба заплаціць 11 капеек. Замовіць квіток праз інтэрнэт — 24 капейкі. А падзарадка мабільных прыладаў — 1 рубель 10 капеек за гадзіну. То бок Андрэя, які за палову гадзіны заплаціў 1 рубель 30 капеек, праваднікі ўсё ж крыху „нагрэлі”.

Паводле «Еўрарадыё»