У беларускіх цягніках з’явіцца Wi-Fi



У цягніках Беларускай чыгункі з’явіцца бясплатны інтэрнэт. Мабільны аператар velcom забяспечыць доступ у інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi у двух новых цягніках міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа, якія будуць курсіраваць па маршруце Менск — Гомель, паведамілі ў прэс-службе кампаніі velcom.

Бясплатным інтэрнэтам па тэхналогіі Wi-Fi пасажыры змогуць скарыстацца на працягу ўсяго шляху ад Мінска да Гомеля пры любой хуткасці руху цягніка. Ва ўсіх вагонах устаноўленыя пункты доступу Wi-Fi, якія сыходзяцца ў адзіны маршрутызатар з SIM-картай. Цягнік падлучаецца да інтэрнэту праз 3G-сетку ад velcom, а трафік пасажырам «раздае» з дапамогай тэхналогіі Wi-Fi.

Для падлучэння да бясплатнага інтэрнэту трэба прайсці рэгістрацыю праз адмысловы партал аўтарызацыі. Код доступу пасажыры змогуць атрымаць з дапамогай SMS на нумар мабільнага тэлефона. Скарыстацца Wi-Fi змогуць абаненты ўсіх мабільных аператараў.

Нагадаем, юрыдычная магчымасць раздаваць Wi-Fi у грамадскім транспарце з’явілася яшчэ ў красавіку 2016 года. Праўда, ініцыятыва Беларускай чыгункі і velcom стала першым за тры месяцы маштабным праектам у гэтай галіне.

tut.by