У беларускіх універсітэтах недабралі 7 тысяч студэнтаў
Агульны план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі ў 2021 годзе складаў каля 55 тысяч чалавек. Аднак залічана толькі каля 48 тысяч абітурыентаў, як піша Thinktanks.by.
1 жніўня міністр адукацыі Ігар Карпенка распавёў аб планах прыёму ў беларускія ВНУ ў 2021 годзе: «Уступная кампанія ідзе сваім парадкам. Залічэнне на бюджэт завершыцца 5 жніўня, а на платную форму навучання — 11 жніўня. Агульны план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі складае каля 55 тысяч чалавек, з якіх каля 29 тысяч чалавук набяруць на бюджэтнае навучанне».
Пра рэальны ж набор 20 жніўня расказала кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская: «У гэтым годзе практычна траціна ВНУ альбо аднавіла прыём па спецыяльнасцях, альбо адкрыла новыя. Гэта было запатрабавана ў абітурыентаў. Калі казаць пра лічбы, то больш за 26,5 тысяч студэнтаў прынялі за кошт сродкаў бюджэту і больш за 22 тысячы — на платнай аснове. У агульнай суме мы маем больш за 48 тысяч прынятых абітурыентаў».
Такім чынам, агульны недабор у ВНУ, у параўнанні з планам, склаў каля 7 тысяч студэнтаў, а недабор на бюджэтную форму навучання — каля 2,5 тысяч.
За 5 гадоў дадатковы набор ў беларускія ВНУ вырас у 42 разы. Калі ў 2017 годзе дадатковы набор у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі ажыццяўляўся ў дачыненні да 23 чалавек, то ў 2021 годзе вакантнымі аказаліся 974 месцы.