У беларускіх установах адукацыі навучаюцца больш за 23 тысячы замежнікаў
У беларускіх установах адукацыі навучаюцца больш за 23 тысячы замежных грамадзян са 108 краін, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 4 верасня кансультант упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Вольга Хаткевіч.
Паводле яе слоў, прыцягвае замежнікаў у навучанні ў Беларусі якасць адукацыі і кошт. Большасць замежных студэнтаў атрымліваюць у рэспубліцы вышэйшую адукацыю першай і другой ступені, навучаюцца пры рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, ва ўстановах паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, атрымліваюць замежнікі ў нас і сярэднюю спецыяльную адукацыю — у гэтым навучальным годзе ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі прынятыя 1.030 замежных грамадзян. „Яны вучацца ў медыцынскіх каледжах, будаўнічых, па спецыяльнасцях, звязаных з аўтамабілебудаваннем, прыборабудаваннем, з IT-тэхналогіямі, — падкрэсліла прадстаўніца міністэрства. — Тут ідзе ўхіл на практыка-арыентаваныя спецыяльнасці. Наша прафесійна-тэхнічная адукацыя запатрабаваная больш у краін рускамоўных”.
На першым месцы па колькасці ў беларускіх ВНУ — грамадзяне Туркменістана, на другім — Кітая, на трэцім — Расіі, на чацвёртым — Ірана.
Грамадзяне Кітая ў асноўным вучацца па культурных спецыяльнасцях, распавяла Хаткевіч. Грамадзяне Індыі, Іарданіі, Лівана, Шры-Ланкі традыцыйна паступаюць у медыцынскія ўстановы адукацыі. „Усе астатнія краіны выбіраюць зусім розныя напрамкі. Цяпер вялікі попыт на IT-спецыяльнасці. БДУІР, напрыклад, актыўна павялічвае колькасць замежных студэнтаў. Да іх едуць з розных краін”, — сказала яна.
Дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) Вячаслаў Малафееў адзначыў, што ВНУ штогод прымае на першую ступень атрымання вышэйшай адукацыі ад 130 да 150 расіян. Каля 40% з іх паступаюць ва ўніверсітэт на ўмовах, дадзеных беларускім грамадзянам, г.зн. па выніках здачы цэнтралізаванага тэставання. „У асноўным расіяне выбіраюць навуковыя напрамкі адукацыі”, — сказаў ён.
Большасць замежнікаў выбіраюць сталічныя ВНУ — БДУ, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (БДМУ), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (МДЛУ), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка (БДПУ). У апошнія гады расце цікавасць да рэгіянальных універсітэтаў Беларусі, адзначыла Хаткевіч. Лідары сярод іх — гэта Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Іх даганяе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
„Колькасць ахвотных вучыцца ў беларускіх унівэрсітэтах замежнікаў расце яшчэ і за кошт таго, што 27 нашых ВНУ гатовыя навучаць замежнікаў на англійскай мове па 181 спецыяльнасці першай ступені вышэйшай адукацыі”, — сказала Хаткевіч.
Фота ej.by