У беларускім войску забаранілі смартфоны
Выкарыстанне планшэтаў і смартфонаў жаўнерамі ў беларускім войску забароненае з мэтай інфармацыйнай бяспекі, заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, каментуючы журналістам гэтую забарону.
„Нічога не перашкаджае жаўнеру, калі размова пра жаўнера, мець з сабой маленькі мабільны тэлефон, які прызначаны для перамоваў з бацькамі, каханай дзяўчынай, — сказаў ён. — Таму што ўсе астатнія віды гаджэтаў маюць здольнасць інфармацыю не туды, куды трэба, перадаваць. Гэта з мэтай інфармацыйнай бяспекі”.
На пытанне, ці не звязаная забарона з выпадкамі парушэння статутных адносін і асцярогамі, што жаўнеры з выкарыстаннем смартфонаў могуць атрымаць доказы націску на іх, Раўкоў адказаў: „Простым тэлефонам таксама можна здымаць. У любым тэлефоне практычна ёсць кінакамера”.
Ён таксама дадаў: „Пра парушэнні статутных адносін я казаў вельмі шмат. Мы з імі змагаемся. Адкуль яны прыходзяць, вы ведаеце выдатна. Не ў воінскіх калектывах яны нараджаюцца. Гэта ўсё прыходзіць з грамадзянкі з узаемаадносін тых жа студэнтаў, тых жа людзей, якія атрымліваюць сярэднюю тэхнічную адукацыю, з той жа вуліцы. Гэта ўсё адтуль прыходзіць. А ўжо як яно перараджаецца, як у вайсковых умовах сябе паказвае — тут ужо як мы спрацуем, як зможам у станоўчы бок усё павярнуць”.