У Беластоку адкрыюць турысцка-інфармацыйны цэнтр Гародні



Турысцка-інфармацыйны цэнтр Гародні адкрыюць у Беластоку 27 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. Адкрыццё турысцка-інфармацыйнага цэнтра Гародні ў Беластоку будзе прымеркавана да пачатку дзеяння ўказа аб бязвізавым наведванні замежнікамі парку „Аўгустоўскі канал”.

„У цэнтры для наведвальнікаў будзе прадстаўлена максімальная інфармацыя ў друкаваным і электронным выглядзе аб турыстычным патэнцыяле Гародні і ваколіц, гасцініцах, аб’ектах грамадскага харчавання і сэрвісу, аграсядзібах і здраўніцах, турыстычных фірмах. Усім жадаючым будзе тлумачыцца парадак ўезду на бязвізавую тэрыторыю”, – сказала Таццяна Лідзяева .

Яна падкрэсліла, што 26 кастрычніка ў Гародні будзе адкрыты турысцка-інфармацыйны цэнтр Падляшскага ваяводства Польшчы. Удзел у адкрыцці аб’екта, як чакаецца, прыме маршалак ваяводства Юры Ляшчынскі. Плануецца, што польская дэлегацыя без віз перасячэ мяжу на Аўгустоўскім канале ў пункце пропуску „Лясная-Рудаўка”.

Нагадаем, з 26 кастрычніка замежнікі змогуць наведваць парк „Аўгустоўскі канал” і прылеглыя да яго тэрыторыі без візы на тэрмін да 5 сутак. У так званую бязвізавую зону ўвайшлі акрамя Аўгустоўскага канала горад Гародня і частка Гарадзенскага раёна.

Фота 1000turov.by