Каталікі збіраюць сродкі на дапамогу ўкраінцам (абноўлена)



634544718922394624

Каталікі Беларусі далучыліся да еўрапейскай акцыі па зборы сродкаў для пацярпелых ва Украіне. Гэтая акцыя праходзіць з закліку Папы Францішка ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы. Пацярпелым ад вайны ва ўсходняй Украіне грошы ахвяравалі таксама гарадзенскія грэка-каталікі.

Кажа святар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Андрэй Крот:

– Безумоўна, гэта наша хрысціянская міласэрнасць і дапамога тым людзям, якія маюць патрэбу. Бо вайна, нягледзячы на тое, хто ў ёй правы і хто вінаваты, гэтага не разбірае. І людзі церпяць ад гэтага. У кагосьці згарэў дом, бізнес, сродкі на ўтрыманне.

Мы збіраем грошы тым людзям, якія не маюць за што адрамантаваць ці пабудаваць новы дом, не маюць за што есці ці апрануцца.

У свята Божай Міласэрнасці Папа Францішак заклікаў вернікаў правесці гэты збор ахвяраванняў менавіта 24-га красавіка.

* * *

24 красавіка ў Беластоку збіраюць сродкі на дапамогу ахвярам вайны ва Украіне. Падобныя зборы, паводле парады Папы Францішка, адбываюцца ва ўсіх касцёлах Еўропы. Да акцыі далучаюцца таксама ўсе парафіі Беластоцкай архі-дыяцэзіі.

Папа Францішак у адмысловым лісце падкрэслівае, што з прычыны вайны ва Украіне каля мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, сярод іх – асобы сталага веку і дзеці.

Акцыя таксама мае звярнуць увагу на ўсходнюю частку Еўропы і выявіць салідарнасць з ахвярамі вайны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота fakt.pl