У Белавежскай пушчы пачалася “Ноч ваўкоў” (абноўлена)
На завяршэнне першага дня «Ночы ваўкоў» удзельнікаў мерапрыемства падзялілі на пяць групаў, якія кожны са сваім правадніком, адправіліся па слядах ваўкоў. Нягледзячы на адсутнасць снегу, адмыслоўцы вызначалі і паказвалі сляды ваўка на глебе, а таксама спрабавалі яго «вабіць»:
– Ваўкі – камунікабельныя жывёлы, і яны таксама між сабой перагаворваюцца. Калі ў іх якое дзеянне адбываецца, напрыклад, паляванне, то яны сваім выццём даюць накірунак. Калі можна павабіць, то ён можа адгукнуцца, што заўжды адбываецца, і часам прыходзіць. Вабіць можна абсалютна ва ўсё, у рукі, у любую трубу, каб утвараўся падобны гук.
Шпацыр адбываўся познім вечарам у аддаленых частках пушчы пры свеце кішэнных ліхтароў. Праўда саміх ваўкоў сустрэць так і не ўдалося. Пасля ягонага завяршэння, усе сабраліся ля вогнішча ў мясцовасці «Царская паляна», дзе па гістарычных звестках адпачываў пасля палявання апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі.
***
Каардынатар Праграмы франкфурцкага заалагічнага таварыства па Беларусі і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук распавёў пра асноўныя мэты «Ночы ваўкоў 2020»:
– Паказаць тым, хто прымае рашэнні ў нашай краіне, што можа быць крыху па-іншаму, можа быць як у Польшчы. Белавежская пушча – гэта адзіны лясны масіў, і падыходы да кіравання гэтай тэрыторыяй павінны быць адзіныя. У шмат якіх галінах мы зараз развіваем супольны падыход, і гэта аднаўленне гідралагічнага рэжыму, разам зараз мы пра гэта кажам. І кіраванне драпежнікамі таксама тое, што мы павінны абмяркоўваць разам, бо ваўкі таксама не ведаюць межаў. І тыя ваўкі, якія прыходзяць з Польшчы, могуць быць тут забітыя.
«Што такое 15% (ад папуляцыі)? Гэта значыць, што штогод у такой колькасці кагосьці з ваўчынай сям’і забіваюць», – паведаміў падчас сваёй лекцыі Віктар Фянчук.
***
Мерапрыемства, зыходзячы з назвы, прысвечана драпежніку, які жыве па абодва бакі мяжы між Беларуссю і Польшчай. Сёлетняя “Ноч ваўкоў” аб’яднала ўдзельнікаў абедзвюх краінаў.
Падрабязней кажа арганізатар, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Ірына Кашпей:
– Упершыню мы стараемся прыцягнуць увагу да ваўка непасрэдна ў сумесным фармаце працы паміж нашымі двума краінамі, таму што ў нас ёсць розніца. У Польшчы паляванне на ваўкоў забароненае, а ў нас ён знішчаецца паўсюль. Нам цікава параўнаць і зразумець, чаму ў Польшчы так , а ў нас па-іншаму, і якія навуковыя даследаванні могуць пацвердзіць, што ваўкоў не трэба знішчаць. У іх павінна быць магчымасць існаваць, як і ў іншых відаў жывёлаў, а не быць непажаданымі.
Першы дзень мерапрыемства прайшоў у беларускай частцы Белавежскай пушчы і арганізаваны грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы нацыянальнага парка “Белавежскай пушча”. Другі пройдзе ўжо на польскім баку.
Беларускае Радыё Рацыя