БАЖ заклікае ўлады спыніць пераслед журналістаў „Белсата”



Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў лічыць рашэнне па справе журналіст тэлеканала „Белсат” Аляксандра Баразенкі „несправядлівым і накіраваным на прыцясненне свабоды слова ў краіне”.

10 кастрычніка суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў журналіста Аляксандра Баразенку на 40 базавых велічынь (920 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым па арт. 9.21 КаАП (парушэнне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў). Таксама суддзя Анастасія Папко прыняла рашэнне аб канфіскацыі „прадметаў адміністрацыйнага правапарушэння” — тэхнікі, адабранай у журналіста падчас затрымання на акцыі да Дня Волі 25 сакавіка і канфіскаванай з мінскіх офісаў „Белсата” падчас вобыскаў 31 сакавіка.

„У дадзеным выпадку мы бачым, як заканадаўства аб аўтарскім праве ў Беларусі выкарыстоўваецца супраць свабоды СМІ. Выклікае вялікі непакой тое, што сённяшняе рашэнне аб штрафе і канфіскацыі маёмасці выглядае часткай спланаванай кампаніі па цкаванні журналістаў тэлеканала. У гэтым годзе незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з” Белсат”, штрафавалі ўжо не менш як 46 разоў”, — гаворыцца ў заяве БАЖ.

Кіраўніцтва арганізацыі заклікае ўлады спыніць пераслед журналістаў „Белсата”. БАЖ „у хуткім часе” праінфармуе аб рашэнні суддзі Папко міжнародная і еўрапейская федэрацыі журналістаў, а таксама іншых міжнародных партнёраў.

Арыентаваны на беларускую аўдыторыю тэлеканал „Белсат”, які ўваходзіць у структуру польскай медыякампаніі Telewizja Polska, афіцыйна не акрэдытаваны ў Беларусі. Гэтая акалічнасць не перашкодзіла калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда 4 верасня 2014 года задаволіць іск дырэктара прыватнага прадпрыемства „БЕЛСАТплюс” Андрэя Белякова і забараніць Telewizja Polska выкарыстоўваць назву „Белсат” на сваім сайце і пры трансляцыі на беларускую тэрыторыю.

Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Першамайскага РУУС Мінска 18 ліпеня гэтага года пачаў у дачыненні да Баразенкі адміністрацыйны працэс незаконнае выкарыстанне брэнда „Белсат”. Фармальнай падставай для гэтага стала наклейка „Белсат” на відэакамеры, адабранай ў журналіста у Дзень Волі 25 сакавіка, а таксама на тэхніцы, канфіскаванай 31 сакавіка.

Першае пасяджэнне па гэтай справе адбылося 3 жніўня. Баразенка заявіў суддзі, што ніякіх наклеек у яго на тэхніцы ў дзень затрымання не было. Праўдзівасць яго слоў пацвердзілі выкліканыя ў якасці сведак калегі, а таксама вынікі праверкі журналіста на паліграфе, які суд, нягледзячы на хадайніцтва адваката, да справы не далучыў.

Абарона Баразенкі звярнула ўвагу суддзі на тое, што, згодна з пратаколам, журналісту ставіцца ў віне незаконнае выкарыстанне „гандлёвага знака”, хоць у заканадаўстве такога тэрміну няма. Ён папрасіў суд спыніць справу з-за адсутнасці складу правапарушэння.

9 жніўня суд прыняў рашэнне накіраваць пратакол на дапрацоўку. 10 кастрычніка на пасяджэнні суда гэты дакумент быў зачытаны. У пратаколе, у прыватнасці, указана тэхніка, канфіскаваная ў журналіста і ў офісах тэлеканала вясной гэтага года.

Кошт канфіскаванай тэхнікі складае больш за 10 тыс. еўра, паведаміў БелаПАН прадстаўнік „Белсата” Аляксей Мінчонак. Пры гэтым на судзе было заяўлена, што канфіскаванае прыстасаванне для перадачы інфармацыі праз інтэрнэт можа каштаваць 25 тыс. еўра.

„Відавочна, што сённяшняе рашэнне суда палітычнае. Міліцыя хацела гэтую справу закрыць, склаўшы пратакол менавіта на Баразенку, а не на яго калег. Мэта судовай акцыі — удар па нашай матэрыяльна-тэхнічнай базе, бо тэхніка каштуе дорага. Калі шансы на яе вяртанне раней яшчэ захоўваліся, пасля сённяшняга рашэння суда яны нулявыя”, — лічыць Мінчонак.

belapan.by