У Беняконях арыштавалі праваабарончыя кнігі
Пры перасячэнні мяжы ў пункце пропуску «Беняконі-1» беларускія мытнікі канфіскавалі для экспертызы праваабарончую літаратуру. Кнігі былі знойдзеныя падчас дагляду жыхара Ліды Аляксандра Ганевіча, паведамляе сайт Праваабарончага цэнтра „Вясна”. Гэта, у асноўным, выданні праваабарончай тэматыкі: «Дэ-факта. Імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека: вопыт выпускнікоў праграмы ILIA ў Беларусі»; кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»; кніга Валерыя Грыцука «Маё змаганне»; кніга-даследаванне «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»; брашура «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі».
У дачыненні да Аляксандра Ганевіча, які правозіў кнігі для асабістага карыстання з Вільні, былі складзеныя Акт мытнага дагляду, які падпісаў галоўны інспектар мытні Біруля, а таксама Акт адбору пробаў і узораў. Па факце канфіскацыі літаратуры прынята рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы кніг.
Фота osh.by