У Берасці анкетавалі рабочых адносна роварнай інфраструктуры ў горадзе



Анкетаванне на тэму карыстання роварамі і неабходнасці з’яўлення парковачных месцаў каля заводаў правялі ў Берасці прадстаўнікі прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці. Яны далучыліся да кампаніі ’’VeloInBrest’’. Адна з мэтаў яе правядзення – гэта павышэнне ўзроўню салідарнасці ў грамадстве і вырашэнне сацыяльна важных праблемаў. Старшыня берасцейскай суполкі прафсаюзу Зінаіда Міхнюк адзначае, што праблемы з паркоўкамі ёсць і іх трэба вырашаць:

– Правялі аналіз, анкетаванне рабочых, ці патрэбныя ім велапаркоўкі, ці будуць яны на роварах ездзіць на работу. Для пачатку мы сфатаграфавалі ў горадзе прахадныя ля заводаў, і выявілі, што, напрыклад, на лампавым заводзе, на берасцейскім радыётэхнічным заводе няма парковак.

У анкетаванні актывісты высвятлялі, ці з’яўляюцца працоўныя раварыстамі, ці ёсць агулам у іх магчымасць набыць ровары, ці карыстаюцца яны роварамі, калі едуць на працу і наколькі часта, ці будуць едзіць на ровары на працу, калі ў горадзе палепшыцца адпаведная інфраструктура.

Беларускае Радыё Рацыя