У Берасце на 10 дзён без віз



Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №462 „Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезда і выезда замежных грамадзян”.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт кіраўніка Беларусі. Ужо з 2018 замежнікі змогуць наведваць Берасцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскія раёны без віз да 10 дзён.

Пры сабе патрэбна будзе мець пашпарт і дакумент, які дае падставу ў індывідуальным ці групавым парадку наведваць турысцка-рэкрэацыйную зону „Берасце”, – гаворыцца ва ўказе.

Каментуе кіраўнік берасцейскай інфармацыйна-кансалтынгавай установы „Propus” Яўген Скрабутан, які займаецца выданнем адмысловых турыстычных мапаў горада:

– Тое, чаго чакалі жыхары горада, яно нарэшце атрымліваецца. Гэта будзе вялікім прарывам для горада таму, што Берасце фактычна можна назваць беларускім Лас-Вегасам, бо столькі месц адпачынку, столькі кавярняў, рэстаранаў няма напэўна ў ніводным горадзе. Нават з Менскам Берасце можа спакойна ў гэтым плане спаборнічаць. Я ўпэўнены, што прынамсі для палякаў гэта будзе цікава.

„Жыхары памежных раёнаў Польшчы, нягледзячы на наяўнасць візаў, усё адно цікавіліся вандроўкамі на Берасцейшчыну, а з іх скасаваннем, такая зацікаўленасць толькі павялічыцца”, – лічыць прадстаўнік Гарадскога асяродку культуры ў суседнім Цярэспалі Лукаш Пагажэльскі, які арганізоўваў велавандроўкі ў Берасце ды прымаў удзел у шэрагу іншых трансгранічных праектах:

– Паводле мяне, гэта вельмі добрая ідэя, бо шмат жыхароў Цярэспаля і ваколіц Белай Падляшскай хацелі б паехаць у Берасце. Праблема палягае на тым, што не ўсе маюць грошы на візы і час, каб яе зрабіць. Калі б мы маглі прыехаць толькі з пашпартам – гэта было б файна. Жадаючых вельмі-вельмі шмат, што пацвярджаюць нашыя супольныя роварныя вандроўкі „За вела Берасце”.

Указ уступіць у сілу ад 1 студзеня 2018 года. На Берасцейшчыну „без віз”, можна ўехаць праз усе тры аўтадарожных пункты пропуску з Еўразвязам, якія месцяцца ў Берасцейскай вобласці, праз пешаходна-роварны „Пярэраў-Белавежа”, дзе „без віз” дзейнічаў і раней, а таксама праз аэрапорт „Берасце”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя