У Берасцейскай вобласці выяўленыя ўжо 28 выпадкаў COVID-19



На тэрыторыі Берасцейскай вобласці па стане на 8 красавіка выяўленыя 28 выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19, паведамляе сайт абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Больш за ўсё заражаных выяўлена ў Лунінцы — 17. У Берасці COVID-19 дыягнаставаны ў 6 чалавек, у Століне — у 2. У Іванаве, Баранавічах і Ганцавічах — па адным заражаным.

Станоўчыя тэсты выяўленыя ў пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі (ВРІ), якія знаходзяцца на шпіталізацыі ў лячэбных установах рэгіёну, а таксама ў асоб, якія з’яўляюцца кантактамі першага і другога ўзроўню.

Усяго ў вобласці з прыкметамі ВРІ шпіталізаваныя ў стацыянары 184 чалавекі, якія прыбылі з краін, дзе зарэгістраваныя выпадкі каранавіруснай інфекцыі, а таксама якія былі ў кантакце з хворымі. Пад медыцынскім наглядам дома знаходзіцца 5,2 тысячы чалавек.

На базе лабараторыі Берасцейскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя з 3 красавіка праводзіцца дыягностыка каранавіруснай інфекцыі. Ужо праведзена больш за 400 даследаванняў.

Першы выпадак COVID-19 у Берасцейскай вобласці быў выяўлены 1 красавіка ў жыхара Столінскага раёна, які знаходзіўся пад наглядам як кантакт першага парадку ў інфекцыйным аддзяленні Берасцейскай абласной бальніцы.

Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў COVID-19, паведаміла сёння Міністэрства аховы здароўя, дасягнула 1.066. На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 976 чалавек, 13 памерлі. Новых смерцяў за мінулыя суткі не зарэгістравана.

belapan.by