У Берасцейскай вобласці з запасу прызваныя больш як 120 ваеннаабавязаных
На камандна-штабныя вучэнні (КШВ) з сіламі тэрытарыяльнай абароны ў Берасцейскай вобласці, якія праходзяць 17—23 чэрвеня, з запасу прызваныя больш за 120 ваеннаабавязаных, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны са спасылкай на ваеннага камісара рэгіёна Алега Канавалава.
„Вучэнні праходзяць на тэрыторыі Берасця і Берасцейскага раёна, а таксама Пінскага і Іванаўскага раёнаў, — сказаў ён. — У межах падрыхтоўкі да КШВ першыя ваеннаабавязаныя былі прызваныя для правядзення збораў 1 чэрвеня. На сённяшні дзень частка падраздзяленняў ужо сфармаваныя. Яны прайшлі баявое зладжванне, абсталяваныя месцы, на якіх ваеннаабавязаныя будуць выконваць задачы. Гэта і блокпасты, і кантрольна-прапускныя пункты, і іншыя аб’екты тэрытарыяльнай абароны. Шэраг падраздзяленняў ужо пачалі выкананне задач па прызначэнні”.
Для ўдзелу ў вучэннях сфармаваныя два стралковыя батальёны і стралковая рота.
Як паведамлялася напярэдадні, мэта вучэнняў заключаецца ў ацэнцы эфектыўнасці сістэмы тэрытарыяльнай абароны, працы штабоў і воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў.
Падчас вучэнняў плануецца „вызначыць гатоўнасць тэрытарыяльных войскаў выканаць навучальна-баявыя задачы, павысіць здольнасць штабоў кіраваць сіламі тэрытарыяльнай абароны падчас аховы важных аб’ектаў, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, забеспячэння ваеннага становішча”.
Тэрытарыяльныя войскі — род ірэгулярных войскаў Узброеных сіл. Згодна з ваеннай дактрынай Беларусі тэрытарыяльныя войскі могуць быць часткова або цалкам сфармаваныя і тэрытарыяльная абарона можа быць разгорнутая „ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы, а таксама ў выпадку беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам альбо пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека для жыцця і здароўя людзей, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”.
16 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў у Шклове (Магілёўская вобласць) нараду па пытаннях тэрытарыяльнай абароны, у якой удзельнічалі міністр абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, прадстаўнікі мясцовых органаў улады.
„Адна з мэтаў у нас сённяшняй нарады, нашай сустрэчы складаецца ў тым, каб даць сігнал на месцы, каб яны падобным чынам у кожнай зоне [тэрытарыяльнай абароны] — у нас іх сем — былі гатовыя адмабілізавацца ў той тэрмін, у які будзе прынятае рашэнне прэзідэнтам, — сказаў Лукашэнка. — Нам самім на месцах — старшыням райвыканкамаў і аблвыканкамаў — трэба навучыцца ваяваць. Трэба ведаць свае аб’екты, якія вы будзеце ахоўваць, вам трэба ведаць кожнага чалавека ў твар. Вы павінны ведаць, дзе яны знаходзяцца, каб не пяць-шэсць месяцаў мы іх адмабілізоўвалі, а калі трэба, паднялі па трывозе, трое сутак — і ўсе на месцах, ахоўваюць тыя аб’екты, якія трэба тут ахоўваць”.
„І да гэтага ў краіне ўсе павінны рыхтавацца пасля сённяшняга мерапрыемства. Каб усе пачулі адсюль, з гэтага кабінета, сігнал да таго, што ўсе павінны быць гатовыя, а старшыні мясцовых органаў улады разам з кіраўнікамі раённых, абласных ваенкаматаў павінны быць гатовыя як да ўборачнай кампаніі”, — дадаў ён.
Гаворачы пра тэрытарыяльную абарону, Лукашэнка заявіў, што „толькі ўсенародная абарона здольная даць сапраўдны адпор ворагу і дэструктыўным сілам”. „За мінулы год мы на сабе адчулі, як дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне, эканамічны, палітычны націск, якія ішлі з Захаду, уплывалі на светапогляд нашых людзей і штурхалі некаторых з іх фактычна на здраду ўласнаму народу, — сказаў ён. — Заўсёды неабходна даваць такі адпор падобным дзеячам, каб у памяці ворага ён адціснуўся на многія гады. І на гэта здольная толькі ўсенародная абарона, калі мы ўсе будзем абараняць сваю зямлю”.
Паводле слоў Лукашэнкі, да стварэння прадпрыемстваў па вытворчасці стралковай зброі і боепрыпасаў, якія ён наведаў у пачатку тыдня, „падштурхнула неабходнасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу войскаў тэрытарыяльнай абароны”.
„У выпадку канфлікту кожны двор, кожны дом, глава сям’і, па меншай меры, павінны здолець абараніць сваю сям’ю, сябе і, натуральна, усе разам тую зямлю, тэрыторыю, на якой яны жывуць. Вось гэта будзе ўсенародная абарона, — растлумачыў ён. — Рашэнне, прынятае 20 гадоў таму, аб стварэнні тэрытарыяльнай абароны за гэтыя гады пацвердзіла сваю мэтазгоднасць. Рашэнне было аб’ёмнае і, напэўна, адносна нятаннае. Я заўсёды перажываў: трэба рабіць, не трэба. Сёння мы перакананыя, што зрабілі правільна. Гэта трэба было рабіць”.
Падчас наведвання вытворча-тэхнічнага кластара „Вусце” ў Віцебскай вобласці 14 чэрвеня Лукашэнка заявіў пра неабходнасць навучаць валоданню стралковай зброяй „тых, хто не трапляе ў войскі па прызыве”. „Хто гарантуе, што мы не будзем ваяваць? Ні ты, ні я — ніхто не можа гарантаваць. Свет адурэў наогул. Вайна можа ўспыхнуць у любы момант у любым пункце, крый божа ў нас”, — сказаў ён. У сувязі з гэтым Лукашэнка адзначыў важнасць навучання насельніцтва абыходжання са стралковай зброяй.
„Зразумела, што навыкам абыходжання з зброяй навучаюць тых, хто праходзіць падрыхтоўку ва Узброеных сілах, аднак ёсць значная колькасць тых, хто не трапляе ў войска па прызыве. Вось на іх і трэба звярнуць увагу. А чаму студэнтаў і іншых не прыцягнуць і не навучыць стралковай зброяй карыстацца — сабраць, разабраць аўтамат, стрэльнуць? Каб умелі карыстацца і каб не давялося ў цяжкія часы навучацца на поле бою”, — заявіў Лукашэнка.