У Берасцейскай вобласці затрыманыя больш за 40 удзельнікаў экскурсіі



У Берасцейскай вобласці 13 лістапада затрымалі 42 чалавекі, сярод якіх удзельнікі страйку на „Беларуськаліі”.

„Сёння падчас аўтобуснай экскурсійнай паездкі на радзіму Тадэвуша Касцюшкі (Косава — Мерачоўшчына) былі затрыманыя 42 чалавекі. Сярод іх удзельнікі страйку на ААТ „Беларуськалій”, неабыякавыя салігорцы і кіроўца аўтобуса. Зараз затрыманыя знаходзяцца ў двары Івацэвіцкага РАУС. У іх перапісваюць асабістыя дадзеныя, бяруць тлумачэнні”, — паведаміў тэлеграм-канал страйкама.

Карэспандэнт БелаПАН спрабаваў датэлефанавацца да некаторых членаў страйкама, іх тэлефоны пакуль недаступныя.

Паводле дадзеных страйкама на 11 лістапада, на „Беларуськаліі” баставала 62 чалавекі.

Забастоўка на прадпрыемстве была абвешчаная 17 жніўня. Шахцёры запатрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.