У Берасці пададзена заяўка на правядзенне мітынгу супраць акумулятарнага завода



У Берасцейскі гарвыканкам 10 ліпеня пададзена заяўка на правядзенне мітынгу „Берасцейцы супраць акумулятарнага завода”. Заяўнікам мерапрыемства выступіла група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў праваабаронца Раман Кісляк, акцыя плануецца 29 ліпеня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Мэта мітынгу — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПауэр” пад Берасцем, а таксама інфармаванне грамадзян аб ходзе грамадскай кампаніі супраць гэтай небяспечнай для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей вытворчасці.

Кісляк нагадаў, што раней актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Брэсцкі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

„Акумулятарны завод для горада — як іншароднае цела. Яго не прынялі брэстаўчане, настолькі відавочная яго надзвычайная небяспека для здароўя. Наш рэгіён будзе ліхаманіць да таго часу, пакуль гэты завод не будзе закрыты. Мы будзем дамагацца спынення будаўніцтва”, — заявіў Кісляк.

Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПауэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Бреасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 4,5 тыс. чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, кантактуюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

БелаПАН