У Берасцейскім раёне затрымалі сем’і з Чачні і Дагестану
У Берасцейскім раёне затрымалі сем’і з Чачні і Дагестану. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт. Сярод затрыманых чацьвёра дарослых і трое дзяцей, малодшаму з якіх чатыры гады.
Праваабаронца Міхась Мацкевіч з „Human constanta” раней ужо выказваў думку, што крызісная сітуацыя з уцекачамі ў Берасці рана ці позна пачне ствараць пэўныя праблемы:
— Мы ня ведаем усёй сітуацыі перамяшчэння чачэнцаў і іх метадаў перамяшчэння. Магчыма праз 5 гадоў, калі мы станем вялікі экспертамі і слухачы пачуюць нас з трыбуны Жэневы, можа быць мы зможам гэта сказаць. Нас цяпер цікавіць менавіта гэты лакальны канфлікт.
РР: Але Вы не адмаўляеце, што нейкі лакальны канфлікт ёсць?
— Крызіс. Я меў на ўвазе міграцыйны крызіс.
Вядома, што гэтая група людзей ужо неаднаразова і безвынікова спрабавала пераадолець мяжу Еўразвязу, рухаючыся цягніком з Берасця. Новая – ужо па-за законная спроба – завяршылася затрыманнем. Затрыманыя жанчыны атрымалі па дзвесце дзесяць рублёў штрафу і разам з дзецьмі добраахвотна пакінулі тэрыторыю Беларусі. У дачыненні да мужчын вядзецца разбіральніцтва.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце