У Берасцейскім раёне знойдзена цела зніклага ў навагоднюю ноч



Знойдзенае ў Берасцейскім раёне цела Мікалая Бяцені апазналі сваякі, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк.

1 студзеня 26-гадовы мужчына пайшоў з дому ў вёсцы Камароўка Берасцейскага раёна пасля святкавання Новага года, пасля чаго яго месцазнаходжанне было невядомае.

З улікам наяўных дадзеных 10 студзеня УСК па Берасцейскай вобласці была распачатая справа па п. 15 ч. 2 арт. 139 КК (забойства).

Пошукавыя мерапрыемствы ажыццяўляліся на пастаяннай аснове атрадамі з супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, МНС, Асвода, добраахвотнікаў і не спыняліся нават пры неспрыяльных умовах надвор’я.

28 лютага вадалазамі Асвода ў вадаёме ў вёсцы Камароўка было знойдзена цела мужчыны ў джынсах і кашулі, падобных па знешніх прыкметах да адзення Мікалая Бяцені. Сваякі Бяцені, якія прыбылі на месца здарэння, апазналі яго.

Падчас агляду загінулага зафіксаваны шэраг цялесных пакалечанняў. Прызначана судова-медыцынская экспертыза, у рамках якой спецыялісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці ў тым ліку высвятляюць прычынную сувязь пакалечанняў з наступленнем смерці мужчыны.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Як раней паведамляў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя тры мужчыны з Берасцейскага раёна: жыхар вёскі Камароўка 1998 года нараджэння і жыхары аграгарадка Тамашоўка 1998 і 1985 гадоў нараджэння.