У берасцейскім універсітэце падчас рамонту знайшлі пісталет
У будынку Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна знойдзены пісталет Lange Pistole 1916 года выпуску.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці Таццяна Каток, будаўнічая арганізацыя ў навучальным корпусе, што на вуліцы Міцкевіча, праводзіла работы па замене даху.
Падчас яго ачысткі ад старога ўцяпляльніка пад бэлькай кроквеннай сістэмы работнік арганізацыі знайшоў скрутак з тканіны. У ім знаходзіліся пісталет і 16 патронаў. Пра знаходку паведамілі ў праваахоўныя органы. Зброя і боепрыпасы канфіскаваныя.
Паводле заключэння эксперта ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці, пісталет Lange Pistole 08 (калібру 9 мм) 1916 года выпуску выраблены заводскім спосабам і з’яўляецца агнястрэльнай зброяй прыдатнай для стральбы.
Патроны з’яўляюцца боепрыпасамі да ручной наразной агнястрэльнай зброі.
Па гэтым факце Ленінскім РАУС Берасця праводзіцца праверка.
Паводле слоў Каток, вядома, што ў гэтым будынку ў гады Другой сусветнай вайны размяшчаўся вайсковы шпіталь. Магчыма, выяўленая знаходка захоўвалася там з 40-х гадоў XX стагоддзя.
Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці