У берасцейцаў ёсць магчымасць задаць балючыя пытанні (абноўлена)
Праекціроўшчык адклікаў праектную дакументацыю акумулятарнага завода з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Гэта вынікае з інфармацыі, якую праціўнікі будаўніцтва завода АКБ пад Берасцем даведаліся падчас „прамой тэлефоннай лініі” з першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іяй Малкінай:
– Мы насамрэч інфармацыю, якую вы нам перадалі, выкарыстоўваем для праверкі і правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Вынікаў няма, улічваючы, што былі атрыманы дадатковыя матэрыялы, у тым ліку ад вас, а таксама дадатковыя матэрыялы былі перададзены падчас сустрэчы, якую праводзіў міністр. Мы ўсе гэтыя матэрыялы сабралі і перадалі нашым экспертам у цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Праектная арганізацыя адклікала сваю дакументацыю.
Пра тое, што праект акумулятарнага завода паступіў на паўторную экалагічную экспертызу ў Мінпрыроды, стала вядома 17 лістапада. 5 снежня адбылася сустрэча праціўнікаў будаўніцтва завода з міністрам Андрэем Худыкам. „Гэта і добра, і кепска. Зараз паўсюль патрэбна казаць, што калі гэта адбылося (адкліканне дакументацыі), то памылкі прызнаюць”, – зазначаюць праціўнікі будаўніцтва завода.
* * *
15 снежня адбудзецца прамая тэлефонная лінія з першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Іяй Малкінай. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце міністэрства, а таксама ў Telegram-канале праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Людзі настроены на тое, каб скарыстацца мажлівасцю задаць чыноўніцы балючыя на іх думку пытанні:
– Ніхто не спыніцца, нават калі гэты завод пабудуецца. Людзі будуць супраць. Зараз у нас адна мэта: не дапусціць будаўніцтва. Мы нават не разглядаем мажлівасці, што яго запусцяць. Мы будзем рабіць усё, каб яго не пабудавалі.
Прамая тэлефонная лінія адбудзецца з 09:00 да 12:00 па-беларускім часе па тэлефоне: +375172006762. Графікі астатніх прамых лініяў з кіраўніцтвам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя можна паглядзець у раздзеле „Прыёмная” на афіцыйным сайце міністэрства.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце