У Берасці абмяркоўвалі асаблівасці супрацы з уладамі
У Берасці прайшоў Прэс-клуб “Грамадзянская супольнасць у Беларусі: асаблівасці супрацоўнцтва з уладамі”.
Сустрэчы-дыскусіі ў межах рэгіянальнай праграмы “Разам да справы” былі арганізаваны на пляцоўцы агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” арганізацыяй “Будзьма беларусамі” і Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMRA. На сустрэчы прысутнічалі маладыя прадстаўнікі самых розных грамадскіх арганізацый Берасцейшчыны. Сустрэча прайшла бурна ў дыскусіях і спрэчках, нікога не пакінула абыякавым, кажа кіраўнік агенцтва “Дзедзіч” Зміцер Шыманскі:
– Вельмі цікавыя звесткі былі прадстаўленыя падчас прэзентацыі сацыялагічнага даследавання. Бачна, што людзі сталі больш разлічваць на свае ўласныя сілы. Больш самастойна планаваць сваю дзейнасць. Меньш спадзявацца на дапамогу з боку ўлады. Мадэль дэмакратычнай дзяржавы акурат і прадугледжвае эканамічную актыўнасць, сацыяльную актыўнасць грамадзян.
Асабліва гарачую дыскусію выклікала пытанне супрацоўніцтва з уладамі. Было адзначана, што ўлада не выказвае жадання супрацоўнічаць з недзяржаўнымі арганізацыямі нават далёкімі ад палітыкі, гаворыць кіраўнік культурніцкай арганізацыі Берасця:
– Агучыў прапановы да свята 1000-годдзя Берасця. Рэакцыя – так, так, добра. І ўсё. З маіх пяці прапаноў ніводнае не было падтрымана.
Паводле арганізатараў, трэці сектар недзяржаўных арганізацый спадзяецца, што ўлада ў рэшце рэшт зразумее, што праца арганізацый скіравана на развіццё дзяржавы ў цывілізаваным кірунку. Дзяржава ў нас адна, таму не патрэбна адносіцца да грамадзянскіх інцыятыў варожа.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце