У Берасці абмяркоўвалі праблему смяротнага пакарання
Ці варта адмяняць у Беларусі смяротнае пакаранне? На гэтую тэму дыскутавалі ў Берасці. У горадзе прайшла сустрэча прадстаўнікоў пасольстваў Вялікабрытаніі ды Італіі з праваабаронцамі, журналістамі і грамадскімі актывістамі. Мадэратарам выступіў старшыня камісіі па правах чалавека, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч.
Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк прыгадвае, што акрамя таго, што ў Беларусі ўжываецца смяротнае пакаранне, то целы расстраляных не выдаюць сем’ям, месца пахавання ім таксама не паведамляюць:
– Абмяркоўвалі, што маці і сваякі не могуць атрымаць цела расстраляных вязняў. Або наведаць месца яго пахавання. Гэта сур’ёзная праблема. На жаль, няма на гэта адказу. Таму неабходна гаварыць і ўздымаць гэтую праблему. Бо атрымліваецца, што параканне разам з асуджаным выносіцца і яго сваякам.
Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Міжнародная супольнасць пастаянна заклікае нашу краіну ўвесці мараторый на смяротную кару. З часу ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь у краіне расстралялі каля 400 чалавек – гэта падлікі праваабаронцаў.
Беларускае Радыё Рацыя