У Берасці адкрылася фотавыстава “Праекты ў тварах”
Гэта спецыяльны праект Прадстваўніцтва Еўразвязу ў Беларусі, закліканы паказаць гісторыю поспеху бенефіцыяраў еўрапейскіх праграм і малых грантаў. Імі з’яўляюцца звычайныя беларусы, якія атрымалі для развіцця свайго бізнэсу ці сацыяльна значнай ідэі фінансавую або кансультатыўную падтрымку. З дапамогай здымкаў фотамастачкі Юлі Мацкевіч арганізатары выставы спадзяюцца расказаць пра дзейнасць Еўрапейскага звяза ў краіне. Але гэтая мэта не адзіная, кажа каардынатар праектаў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Таццяна Пранько.
– Другая мэта, якая па-мойму таксама вельмі важная, – гэта прастымуляваць людзей да новых ініцыятываў, ідэяў, паказаць, што змены жыцця да лепшага вельмі часта залежаць ад нас з вамі, і не так шмат рэсурсаў трэба, перадусім уласнае жаданне і ініцыятыва.
Выстава “Праекты ў тварах” размяшчаецца на адкрытай пляцоўцы ў скверы Іконнікава. Яна расказвае пра людзей, што рэалізавалі свае праекты ў сферы малога бізнэсу, абароны правоў чалавека, экалогіі, адукацыі, сацыяльнай адаптацыі. У цэлым жа ЕС штогод выдзяляе на праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю 20 мільёнаў еўра.
[Not a valid template]
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.