У Берасці адкрылася выстава постэраў пра польскую аперацыю НКУС
У Генеральным консульстве Польшчы ў Берасці адкрылася выстава постэраў пад назвай “Польская аперацыя НКУС 1937-1938”. Акрамя выставы, на ўрачыстым адкрыцці з дакладамі выступілі гісторыкі з краіны-суседкі: прафесар ксёндз Раман Дзванкоўскі з Любліна і прафесар Войцэх Слешыньскі з Беластоку. Абодва, шмат часу правялі ў архівах, каб даведацца пра маштабы аднаго з эпізодаў – “польскага”, пад час “вялікага тэрору” у СССР. Кажа прафесар, дырэктар музея памяці Сібіры ў Беластоку Войцэх Слешыньскі:
— Нехта скажа: «адзін з эпізодаў вялікага тэрору», бо з гледзішча ўсёй трагедыі, якая адбывалася ў тыя часы, гэта — адзін з эпізодаў, польскі эпізод. Такіх нацыянальных аперацый было шмат, але трэба памятаць, што з нашай перспектывы, перспектывы палякаў, польскага народу гэта вялікая трагедыя, бо кожны дзясяты паляк, які жыў тагачасным Савецкім Саюзе, за Рыжскай мяжой, быў расстраляны ў выніку той аперацыі.
Прафесар Раман Дзванкоўскі засяродзіў свой даклад на пытанні рэпрэсій у адносінах да палякаў, каталікоў і каталіцкіх прыходаў на тэрыторыі тагачаснай міжваеннай БССР. У дыскусію з выступоўцамі ўступіў і берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі:
— Пад «польскай арганізацыяй вайсковай» праходзілі многія і беларускія і святары і простыя вернікі, і актывісты, і звычайныя людзі. Прафесар Слешыньскі робіць у Беластоку, «культура памяці», тое, што мусіць рабіцца ў нас. Мы мусім вучыцца. Нават калі гэта і не наша гісторыя, але гэтыя гісторыя адбывалася на нашых землях: палякі, каталікі, многія з якіх выехалі з Берасця як тыя габрэі. Дык што, забыць пра габрэяў ці пра палякаў, якія выехалі пасля вайны? Гэта наша гісторыя, мы маем яе ведаць і помніць, тым больш, гэта наша сумежная гісторыя.
Большасць расстрэльных альбо ссыльных прысудаў былі за “контррэвалюцыйную дзейнасць”, а не за рэлігію. Гісторыкі таксама распавялі пра гэтак званых “лішэнцаў”, людзей, якіх не расстралялі, але фактычна пазбавілі мажлівасцяў зарабляць грошы павесіўшы знак “ворага народу” ці “ненадзейнага элементу”. “Пэўныя паралелі можна правесці і ў нашы часы, у адносінах да людзей, перакананні якіх ідуць у разрэз з дзяржаўнай лініяй”, — дадаў Ігар Бараноўскі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце