У Берасці адкрылі цэнтр „Знайдзі сябе”
У Берасці адкрылі цэнтр сацыяльнай адаптацыі падлеткаў „Знайдзі сябе”. Ён пачаў дзейнічаць у рамках праекту „Паляпшэнне працы з падлеткамі з дэвіянтнымі падводзінамі” ў межах праграмы трангранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Україна.
“Цэнтр уключае ў сабе такія накірункі як праца па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, што здзяйсняюць непаўнагадовыя, аказанне псіхалагічнай дапамогі, школа бацькоўскай кампетэнтнасці, праца моладзі ў якасці валанцёраў”, – распавяла каардынатарка праекту, Наталля Янчук:
– Усе мерапрыемствы ў цэнтры праводзяцца ў інтэрактыўнай форме. У тым ліку вялікай папулярнасцю карыстаюцца мерапрыемствы па тэхналогіі “Форум-тэатр”. Гэтыя мерапрыемствы добрыя тым, што дазваляюць далучыць усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу ў адно мерапрыемства. І бацькі кажуць – мы хочам разам з дзіцёнкам пражыць сітуацыю, знайсці шляхі вырашэння і разам выпрацаваць выйсце са складанай сітуацыі.
Асноўная мэта праекту – гэта абмен педагагічным вопытам паміж адукацыйнымі ўстановамі Беларусі, Польшчы і Украіны, а таксама пошук новых спосабаў вырашэння педагагічных праблем.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце