У Берасці адкрыўся візавы цэнтр Літвы



Літоўскі візавы цэнтр знаходзіцца на другім паверсе гандлёвага цэнтра «Domus Сity» па адрасе: вул. Маскоўская 208А-1.

У Беларусі ў студзені адкрыюць чатыры візавыя цэнтры Літвы. У Менску такі цэнтр пачаў працу 19 студзеня. У Гародні візавы цэнтр адкрыецца 22 студзеня, у Гомелі – 26 студзеня.

Такім чынам, хадайніцтва на выдачу шэнгенскіх візаў для пераезду ў Літву і Грэцыю разам з  дакументамі можна будзе падаваць у візавы цэнтр па месцы жыхарства. Папярэдняя рэгістрацыя для наведвання візавага цэнтра не патрэбна. За паслугі візавага цэнтра заяўнік плаціць адпаведны сэрвісны збор у беларускіх рублях.

Разам з тым, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў Беларусі, па пытаннях выдачы шэнгенскіх віз могуць і далей звяртацца ў Пасольства Літвы ў Беларусі.

Падача дакументаў на выдачу шэнгенскіх візаў у пасольстве ажыццяўляецца толькі па папярэдняй рэгістрацыі. Хадайніцтвы і адпаведныя дакументы на выдачу нацыянальных  віз тыпу D прымаюцца толькі ў пасольстве без папярэдняй рэгістрацыі ў любы прыёмны дзень з 9.00 да 12.00, паведамляе БелТА.

Фота holiday.by