У Берасці 29 чэрвеня адновіцца суд над другой групай фігурантаў “пінскай справы”



Ужо заўтра, паслядвух тыднёвага перапынку, у судзе Маскоўскага раёна Берасця адновіцца працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы”. Перапынак абвясцілі з-за таго, што адзін з дванаццаці палітвязняў захварэў на COVID-19.

Па словах старшыні Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Веранікі Івановай, пінчукі вельмі актыўна адсочваюць працэс і хвалююцца за лёс зняволеных:

– Кажуць пра гэта вельмі шмат, людзі абмяркоўваюць і спрабуюць максімальна дапамагаць хаця б фінансава. У той жа час ёсць момант маральнай стомленасці, але тым не менш градус агрэсіі ў выказваннях расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі восенню настрой быў гранічна міралюбны, то на сёння колькасць людзей, якая ад жадання ў чым-небудзь дамовіцца з уладамі, перарасла ў людзей, якія гатовыя да радыкальных дзеянняў.

Дванаццаці пінчукам пагражае зняволенне ад 3 да 8 гадоў за тое, што яны ўдзельнічалі ў стыхійным мітынгу ў першы паслявыбарчы вечар. Тады акцыя скончылася сутычкай з міліцыянтамі. Першая група пінчукоў, а гэта чатырнаццаць чалавек, ужо пакараныя тэрмінамі ад 5,5 да 6,5 гадоў калоніі.

Беларускае Радыё Рацыя