У Берасці адзначылі Дзень пажарнай службы



Урачыстыя мерапрыемствы праходзілі ў Гарадскім парку культуры і адпачынку, а сярод гасцей былі вышэйшыя чыны гэтага ведамства. Кажа намеснік міністра па надзвычайным сітуацыям Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр унутранай службы Генадзь Ласута:

– Падвялі вынікі працы за першае паўгоддзе. Абазначылі, што ратаўнікі Берасцейшчыны даволі эфектыўна спрацавалі ў бягучым годзе. Наперадзе – сур’ёзныя задачы. Жыццё падкідвае нам увесь час прыродныя катаклізмы. Ёсць пэўныя пазіцыі ў нас і па тэхнічнай бяспецы прадпрыемстваў. Таму ацэнку мы даем Берасцейшчыне добрую, але гаворым пра тое, што наперадзе яшчэ шмат сур’ёзнай і адказнай працы.

Прысутным дэманстравалі пажарную тэхніку, паказальныя прыёмы ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Напрыканцы быў і святочны канцэрт, за якім назіралі і калегі мясцовых пажарнікаў з Нямеччыны і Польшчы. Кажа намеснік старшыні Берасцейскага аблвыканкама Віктар Сакоўскі, які, у тым ліку, каардынуе ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый:

– І на вадзе, і на зямлі, і ў паветры яны дапамагаюць нам. Калі ў нас адбылося непрыемнае здарэнне ў падземным сховішчы газу, уночы правялі пасяджэнне камісіі па бяспецы і прынялі меры, своечасова ліквідавалі тыя праблемы, што былі ў падземным сховішчы. Яны не дапусцілі нейкіх атручванняў ці разбурэнняў. Канешне, яны спраўляюцца з такімі аперацыямі. Я лічу, што нашыя берасцейскія ратаўнікі – у першых радах ратаўнікоў рэспублікі.

Агулам у структурах МНС на Берасцейшчыне працуе каля 2000 тысяч чалавек. “Вялікі дзякуй за працу і выкананне пастаўленых задачаў”, – падсумаваў вынікі працы за мінулы год начальнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч.

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара