У Берасці актывістаў будуць судзіць за раздачу балонікаў і буклетаў
Разгляд адміністрацыйнай справы над актывістам Андрэем Шарэндам і Палінай Панасюк перанесены з-за няяўкі сведкі.
Маладога чалавека збіраліся судзіць у судзе Ленінскага раёна Берасця за “арганізацыю і ўдзел у масавым мерапрыемстве”, якое мясцовая міліцыя ўгледзела ў акцыі прысвечанай малому памежнаму руху, падчас якой раздаваліся буклеты і балонікі.
Кажа актывіст Андрэй Шарэнда:
– На мяне склалі новы пратакол у якім быў пазначаны новы сведка з боку міліцыі, які нібыта нас бачыў. Дадзены сведка даў тлумачэнні, што ён нічога не бачыў, нічога не чуў, акрамя таго, што нехта раздаваў балонікі – усё. Мяне ўвогуле здзівіла навошта яго запісалі, калі чалавек нічога не бачыў, на суд увогуле не з’явіўся. Бачна, што не хоча ісці, бо сказаць проста няма чаго. Міліцыі няма чаго сказаць, бо я ўжо знайшоў парушэнне ў тым, што пратакол няправільна складзены.
Справу разглядае суддзя суда Ленінскага раёна Алег Міранюк. Разгляд справы адбудзецца 6-га снежня а 14-й гадзіне.
“Судзяць не за акцыю, судзяць чалавека. Я актывіст апазіцыі і мой удзел у любым мерапрыемстве разглядаецца як нейкая палітычная акцыя”, – зазначыў Андрэй Шарэнда.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце