У Берасці актывісты пачалі кампанію “За здароўе”



Грамадская арганізацыя “За свой горад” у Берасці пачала кампанію “За здароўе”. Сябры арганізацыі пачалі збор подпісаў у Берасці і Берасцейскім раёне.

Подпісы збіраюцца з мэтай паляпшэння медычных паслугаў у медычных установах, гаворыць кіраўнік арганізацыі Ігар Маслоўскі:

– Мы збіраем подпісы за тое, каб выдзелілі сродкі на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі і будаўніцтва ў далейшым мінімум трох устаноў аховы здароўя – гэта толькі ў Берасці. Катастрафічна не хапае дыягнастычнага абсталявання, а таксама фізіятэрапеўтычнага медычнага абсталявання, недахоп спецыялістаў. Таму мы просім, каб улады вельмі сур’ёзна да гэтага паставіліся.

Паводле Ігара Маслоўскага, актывісты кампаніі заклікаюць берасцейцаў далучацца. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дамагчыся больш якаснай медыцыны, да якой у грамадзян вельмі шмат прэтэнзій, упэўнены актывіст.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце