У Берасці актывісты змагаюцца з сістэмай
Скаргу ў Берасцейскі абласны суд на прысуд па акцыі супраць беларуска-расейскай інтэграцыі падаў грамадскі дзеяч Андрэй Шарэнда.
Ён атрымаў штраф за рэпост у сацыяльных сетках закліку да ўдзелу ў адной з акцый, – распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Зараз ён абскардзіў гэтае пакаранне ў Берасцейскім абласным судзе, будзем глядзець, чым скончыцца. Але перспектывы, мякка кажучы, цьмяныя, пакуль яшчэ ніхто не выйграваў з гэтай сістэмай.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, пасля вынясення прысуду другой па ліку судовай інстанцыяй плануецца яшчэ падаваць заявы ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Такія дзеянні – спроба нагадаць грамадскасці аб парушэнні правоў чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
