У Берасці аштрафаваныя яшчэ два праціўнікі акумулятарнага завода



 Яшчэ два актывісты аштрафаваныя ў Берасці за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 31 траўня суд Ленінскага раёна аштрафаваў Аляксандра Казлянку па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на восем базавых велічынь (204 рублі) за ўдзел у шэсці 7 красавіка, а таксама на дзве базавыя велічыні (51 рубель) па арт. 24.6 КоАП (ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс).

27 траўня суд Берасцейскага раёна таксама па ч. 1 арт. 23.34 КоАП аштрафаваў Анатоля Ярмоленку на 10 базавых велічынь (255 рублёў) за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка.

„Два месяцы суды ў Берасці штрафуюць праціўнікаў акумулятарнага завода. І гэта не канец. У чэрвені суды працягнуцца. Улады хочуць запалохаць актывістаў. Але нават пасля штрафаў яны працягваюць прыходзіць па нядзелях на плошчу, таму што лічаць: гэты завод — пагроза для жыцця людзей”, — заявіў праваабаронца.

У траўні было аштрафавана сем актывістаў: адзін — за ўдзел у шэсцях праціўнікаў акумулятарнага завода 7 і 14 красавіка, чатыры — за ўдзел у шэсці 7 красавіка, два — за ўдзел у шэсці 14 красавіка.

У красавіку аштрафавана 16 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, пяць — за ўдзел у шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” узведзены на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

belapan.by