У Берасці аштрафаваныя яшчэ два праціўнікі акумулятарнага завода



У судзе Ленінскага раёна Берасця 13 траўня працягнуўся разгляд адміністрацыйных спраў праціўнікаў акумулятарнага завода.

Як паведамілі БелаПАН прысутныя ў судзе актывісты, Дзяніс Малышэнка і Канстанцін Астапук аштрафаваныя на 30 базавых велічынь кожны (810 рублёў). Малышэнку судзілі за ўдзел у акцыі ў Берасці супраць завода 3 траўня, Астапука — за ўдзел у акцыі супраць завода 3 траўня і 12 красавіка, а таксама за ўдзел у сустрэчы 2 траўня ў Берасці з гомельскім блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Пасля суда Малышэнка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Гэты ж суд 11 траўня аштрафаваў Малышэнку таксама на 30 базавых велічынь за удзел ў сустрэчы 2 траўня ў Берасці з блогерам Ціханоўскім. Пасля вынясення рашэння актывіста затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, адкуль сёння завезлі ў суд.

12 траўня гэты ж суд аштрафаваў праціўнікаў акумулятарнага завода Уладзіміра Дземенціюка, Уладзіміра Мароза, Віталя Казака і Валерыя Фамінскага (на 30 базавых велічынь кожнага). Мароза, Казака і Фамінскага зноў затрымалі. Таксама быў затрыманы Юрый Калько, які ў гэты дзень прыйшоў у суд падтрымаць актывістаў. 11 траўня суд Ленінскага раёна аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (па арт. 23.34 КоАП) і 10 б.в. (270 рублёў) за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт 23.4 КоАП).

12 траўня былі затрыманыя пасля суда і зноў змешчаныя ў ІЧУ праваабаронцы Уладзімір Вялічкін (прызначаны штраф 50 базавых велічынь) і Раман Кісляк (30).

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцаў 10 траўня ў Берасці, калі яны назіралі за акцыяй праціўнікаў акумулятарнага завода. Да суда 12 траўня іх месцазнаходжанне не было вядомае.

Арыштаваны на 15 сутак 11 траўня (за ўдзел у акцыі супраць завода 19 красавіка) берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін быў таксама затрыманы і змешчаны ў ІЧУ. У гэты ж дзень яго з ізалятара шпіталізавалі ў берасцейскую цэнтральную гарадскую бальніцу з падазрэннем на каранавірус.

„Грамадскі пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода доўжыцца ўжо трэці год. Здзіўляе, што ўлады дагэтуль не зразумелі: мы будзем працягваць змагацца за канчатковае закрыццё гэтага вельмі небяспечнага прадпрыемства і ва ўмовах узмацнення рэпрэсій, — заявіў БелаПАН адзін з лідараў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва прадпрыемства Дзмітрый Бекалюк. — Мы будзем стаяць да канца, як у 41-м абаронцы Берасцейскай крэпасці. На коне не толькі наша жыццё, жыццё нашых дзяцей, але і жыхароў усяго рэгіёна”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” узведзены на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

14 красавіка на анлайн-прэс-канферэнцыі дырэктар ТАА „АйПаўэр” Дзмітрый Бутаў паведаміў, што акумулятарны завод плануюць увесці ў эксплуатацыю ў другім квартале.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.