У Берасці асуджаны грамадзянін Вялікабрытаніі
Суд Ленінскага раёна Берасця разгледзеў справу па абвінавачанні грамадзяніна Вялікабрытаніі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі), і 10 студзеня прыгаварыў яго да аднаго з паловай года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Гаворка ідзе пра 48-гадовага брытанца з самалійскімі каранямі Ахмеда Абдзі Алі. Паводле версіі абвінавачання, ён купіў сапраўдныя пашпарты грамадзян Швецыі, а затым прыляцеў на самалёце ў Менск у рамках пяцідзённага бязвізавага рэжыму.
Як паведамляе прэс-служба Берасцейскага абласнога суда, абвінавачаны ведаў пра намер грамадзян Самалі незаконна перасячы дзяржаўную мяжу Беларусі з мэтай далейшай міграцыі ў краіны Еўразвяза і, „дзейнічаючы з карыслівых меркаванняў для атрымання матэрыяльнай выгады ў памеры не менш за 6 тысяч еўра, арганізаваў іх незаконную міграцыю”.
Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Фота tut.by