У Берасці больш за 1500 чалавек удзельнічалі ў акцыі салідарнасці



У Берасці ўвечары 19 чэрвеня больш за паўтары тысячы чалавек удзельнічалі ў акцыі салідарнасці з актывістамі, затрыманымі з пачатку выбарчай кампаніі.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, прыблізна ў 19.00 «ланцужок салідарнасці» выстраіўся на пешаходнай вуліцы Савецкай непадалёк ад кінатэатра «Беларусь», дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы.

Праз паўгадзіны пікеты былі перанесеныя на праспект Машэрава. Удзельнікі акцыі сталі ланцужком на пешаходным тратуары ад скрыжавання праспекта з вуліцай 17 Верасня да скрыжавання з вуліцай Халтурына.

Паводле слоў праваабаронцы, агульная працягласць «ланцужка салідарнасці» склала прыблізна паўтара кіламетра. Аўтамабілісты, што праязджалі побач, сігналілі ўдзельнікам акцыі, якія пляскалі ў далоні і скандавалі: «Адпускай!»

Па стане на 20.40 акцыя працягвалася.

А 21:53 у ціхароў адбілі людзей. Удзельнікі акцыі крычаць на сілавікоў «Фашысты!»

З пачатку прэзідэнцкай кампаніі за ўдзел у легальных пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў больш за 100 чалавек па ўсёй Беларусі былі штрафаваныя і арыштаваныя. Распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага, чыя жонка Святлана Ціханоўская вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, і групы яго аднадумцаў. Ціханоўскага абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў перашкодзе выбарам.

Пад крымінальны пераслед таксама трапіў удзельнік выбарчай кампаніі, былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які сабраў рэкордную для альтэрнатыўнага прэтэндэнта колькасць подпісаў за ўсю гісторыю выбарчых кампаній у Беларусі. Яго абвінавачваюць у арганізацыі «супрацьпраўнай дзейнасці», «утойванні слядоў раней учыненых злачынстваў» і «спробе ўздзейнічаць на сведак». Пры гэтым улады сцвярджаюць, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

БелаПАН